традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г. Магілёў канца 15 — пач. 20 ст. Выраблялі посуд, цацкі і інш. прадметы хатняга ўжытку. У канцы 15—16 ст. гаршкі з прамой шыйкай і косым ці закругленым краем венчыка, макотры аздаблялі хвалістым арнаментам, наколкамі, насечкамі. Традыцыі арнаментацыі непаліваных гаршкоў захоўваліся да 17—18 ст. З 16 ст. пашырылася вытв-сць паліванай і чорназадымленай керамікі. У 17—18 ст. выраблялі гаршкі, кубкі, куфлі, міскі, паўміскі, збаны, макотры, глякі, талеркі. Паліваны посуд (міскі і талеркі) упрыгожвалі арнаментам у выглядзе кругоў і кветак, збаны з вял. ручкай — адбіткам пальцаў на яе краях і арнаментам у выглядзе наляпных кветак на плечуках, куфлі — выявамі гар. герба і пакрывалі зялёнай палівай. У 2-й пал. 17—18 ст. выраблялі посуд (талеркі, збаны), аздоблены ангобнаю размалёўкаю (геам. і расл. арнамент). Выраблялі таксама кафлю (гл.Магілёўская кафля), дзіцячы посуд (кубачкі, талерачкі), падсвечнікі, рукамыйнікі, цэглу-пальчатку, непаліваную (плоскую і паўцыркульную) і паліваную зялёную дахоўку, магчыма, чорназадымленыя і паліваныя люлькі.
А.А.Трусаў, Н.І.Здановіч.
Да арт.Магілёўская кераміка. Талерка. 2-я пал. 17 ст.